Читать книгу Вольны птах. Раман онлайн

Я імкліва падышоў да яе, моцна прытуліў і пацалаваў. Вочы яе былі прыемна здзіўленымі.

– Я цябе забяру, калі выпішышся, – раптам паабяцала.

– Куды? – машынальна запытаў я і сам жа адказаў за дзяўчыну: – Гэта не мая тайна, Драцянян, так?

– Люблю цябе, – прашаптала Насця і паспяшалася па сваіх таямнічых і важных справах. А я… я проста закурыў, яшчэ не асэнсаваўшы як след тое, што дзяўчына мне прашаптала.


На чарговай перавязцы з мяне знялі бінты і больш імі не абцяжарвалі галавы. Апрацавалі нечым халодным, папырскалі на рану, рыхтык у цырульні, сказалі, што, хутчэй за ўсё, праз тыдзень выпішуць, як толькі праколюць стандартны набор уколаў. Я вярнуўся ў палату, уладкаваўся на ложку з кнігай, падоранай Насцяй, аднак не чыталася. Як і прадбачыла дзяўчына, замест літар перад вачыма ўвесь час мільгаў яе твар, падміргваў, усміхаўся, абяцаў нешта салодкае і смачнае, пра што я нават баяўся думаць, але сны тыя думкі бессаромна ажыццяўлялі. Чым мы толькі з Насцяй не займаліся ў маіх снах! Калі б распавёў ёй – адназначна адгроб напоўніцу б. Ну, па-першае, рабавалі банкі па прыкладу Бонні і Клайда, адно што замест машыны ў якасці сродку перасоўвання выкарыстоўвалі матацыкл, якім Насця нядрэнна кіравала. Ніводная міліцэйская машына не магла дагнаць нас. Насця так любіла хуткасць, а хуткасць – яе, што пагоня апрыёры не мела ніякага сэнсу. Да таго ж, у выпадку блакавання дарогі, матацыкл узлятаў і праносіўся панад міліцыянтамі (такімі смешнымі з міжвольна задранымі ўгару галовамі) віхурай ды імчаў сабе далей, пакідаючы пераследнікаў закатанымі ў пыл, бы ў дыван. Па-другое, даследавалі закінуты і занядбаны востраў пасярод акіяну без аніякага следу людзей і цывілізацыі. Вучыліся мове птушак і звяроў. Асабліва пасябравалі з ільвамі, ваўкамі ды малпамі. Па-трэцяе, апынуліся на нейкую трасцу ў кратэры Марса, з якога ледзьве выбраліся на безжыццёвую чырвоную паверхню планеты ды ўцякалі ад туземцаў, але не ўцяклі. Зрэшты, нічога страшнага з намі потым не адбылося, бо нас прынялі за багоў і пакланяліся з вялікай пачцівасцю. Не, усё ж страшнае затым магло б адбыцца. Нас бы з’елі, як з’елі Кука, калі б я не прачнуўся. Па-чацвёртае, Насця раптам апыналася Канстанцыяй Банасье, а я Драцянянам, менавіта Драцянянам і нікім іншым, ды ратаваў яе ад гвардзейцаў кардынала і Міледзі, нейкім дзівам апынуўшыся ў савецкім фільме пра трох мушкецёраў. Чаму, дарэчы, трох, калі іх было чацвёра? Аўтар лічыць не ўмеў? Ці проста «Чатыры мушкецёры» не гучыць гэдак, як «Тры мушкецёры»? Смешна было назіраць за гвардзейцамі і Міледзі, якія супрацьстаялі не адно Баярскаму і Алфёравай, але яшчэ і нам з Насцяй, улічваючы той факт, што Атос, Партос і Араміс заставаліся нязменнымі. А вы што падумалі? Напэўна, разлічвалі на эратычныя падрабязнасці, хаця б у сне, з дэталёвымі апісаннямі любоўных уцех? Я б таксама не супраць такіх падрабязнасцяў, але да падобных глупстваў у той перыяд жыцця мозг мой, відаць, яшчэ гатовы не быў. Адурманены сентыментальна-рамантычным чытвом, якім я не шкадуючы пічкаў яго, мозг нічога іншага і не мог мне прапанаваць, тым больш пашкоджаны, бы камп’ютарная праграма. Зрэшты, не чыталася яшчэ і таму, што рука мая цягнулася і цягнулася, муляла яе нясцерпна, да раны на галаве, каб мацаць яе, кранаць, зноў мацаць і так да бясконцасці. Да таго ж яна часалася. Пад бінтамі не так адчувальна, а без бінтоў… хоць рукі бяры ды адсякай і станавіся як дрэвы, што нерухомымі помнікамі самім сабе стаялі ўздоўж праспекта з адсечанымі зверху данізу галінамі. Іх яшчэ, быццам магілкі, памясцілі кожнае ў асобную аградку ды пафарбавалі яе ў чырвона-зялёныя колеры.