Читать книгу Вольны птах. Раман онлайн
Яна прыйшла пасля ціхай гадзіны ціхім шолахам. Я не пачуў яе, я не адчуў яе, ахоплены, а мо захоплены, бы ў палон, сном, трывожным і тварожным. Паклала на тумбачку авоську з яблыкамі і села побач. Не будзіла, глядзела на мяне і праводзіла далоняй зверху ўніз і знізу ўверх па маёй шчацэ ў дзьмухаўцовым пуху барады, якая паспела прарасці дзе-нідзе кусцікамі пасля галення перад аперацыяй. Так, барадой тое, што нарасло на твары, было цяжка пакуль назваць, і пры жаданні, напэўна, адным моцным подыхам здзьмухнуць не склала б асаблівых высілкаў увесь той пух, што ўзнік на шчоках, як, уласна, дзьмухавец. Насці, відаць, падабалася ці, хутчэй за ўсё, падобным чынам яна ўсё ж мяне будзіла. У якійсьці момант я расплюшчыў вочы і… не паверыў ім. Заплюшчыў зноў, бо падумаў, што ўжо галюцыянаваць пачаў. Расплюшчыў – Насця, гэтым разам з зялёнымі валасамі, што хвалямі струменіліся на плечы, і вельмі насычана акрэсленымі чорнай тушшу вачыма, нікуды не знікла.
– Насця! – узрадавана ўсклікнуў я, бы пабачыў Бога, ну а калі не Бога, то дзеву Марыю дакладна.
– Тс-с! – прыклала ўказальны пальчык з чорным манікюрам на пазногці да сваіх вуснаў дзяўчына, бо на мой вокліч зрэагавала ўся палата, прычым не вельмі добра. Тады я саскочыў з ложка, схапіў Насцю за руку і рашуча пацягнуў за сабой прэч з палаты, а затым у накірунку да канца калідора, дзе сама па сабе існавала бакавая лесвіца, якою звычайна ніхто ніколі не карыстаўся, таму месца там было зацішнае і якраз нам падыходзіла, ну а калі не нам, то мне. Ведаць думкі Насці наперад на гэты конт я не мог, але яна не адставала, не ўпіралася і нічога не запытвала.
Я ледзь не ўпячатаў яе ў сцяну на лесвічным пралёце сваёй прэтэнзіяй, на якую, як лічыў, меў права.
– Дзе ты была? Чаму не прыходзіла так доўга? Што ў цябе за справы?..
Выгукваў проста ёй у твар.
Насця адштурхнула мяне ад сябе словамі:
– Так, стапэ! Ты нічога не паблытаў, хлопчык?! Ты хто мне, каб заяўляць падобнае?! І, самае галоўнае, хто табе я, га?!.
Яна мела рацыю. Яна сто разоў мела рацыю. Яна мільён разоў мела рацыю. Гэта мяне занесла, аб чым я адразу ж пашкадаваў. Параўнанне ж з хлопчыкам выклікала міжвольную ўсмешку, бо дзяўчына выглядала школьніцай, нягледзячы на ўвесь свой баявы раскрас. Пасля, натуральна, я даведаюся, што Насця была старэйшаю за мяне на тры гады. А пакуль яна мяне сарамаціла: