Читать книгу Вольны птах. Раман онлайн
– Значыць, калі б смярдзелі мае вочы, – ты б прайшла міма? – падумаў я ўголас.
– Калі б твае вочы смярдзелі, – запярэчыла Насця, – ты б ніколі не трапіў пад тую алычу, ну а вершы дакладна б не пісаў.
– Цікава-цікава, – прабубніў я сабе пад нос.
– І таму я з табой, – выдыхнула дзяўчына, але ў той жа момант паглядзела на гадзіннік. Зноў у яе нейкія справы! Не паспела прыйсці – як ужо час некуды сыходзіць! Прыкметна занервавала.
– І таму табе зноў некуды трэба, – не стрымаўся яе ўпікнуць.
– Ты чытаеш мае думкі, – усміхнулася Насця.
– Куды ты ўвесь час знікаеш? – патрабаваў я адказу. – Чаму штораз у розных вобразах прыходзіш, бы на маскарад?.. Што?…
Дзяўчына прытуліла свой указальны пальчык да маіх губ, маўляў, заткні пэльку.
– Гэта… – задумалася, магчыма, над адказам, і з задумлівым выглядам мовіла: – Гэта не мая тайна, Драцянян.
– Хто? – расплыўся ва ўсмешцы мой твар.
– Ну, Драцянян, тры мушкецёры, Канстанцыя Банасье… Не чытаў? – узіралася ў мой твар Насця і шчыра не разумела маёй весялосці. – Што смешнага я сказала?
– Мо д’Артаньян усё ж, – паправіў яе.
– Д’Арт… пакуль вымавіш, званітуе, – непрыгожа скрывіла твар Насця. – Імем, канешне, Бог узнагародзіў чалавека яшчэ тым…
– Гэта прозвішча, – удакладніў я.
– Тым больш. Карацей, усяму свой час, дамовіліся?
– У мяне ёсць выбар?
– Выбар ёсць заўжды, герой-любоўнік.
Насця паднялася з лаўкі. Я ўскочыў следам за ёй, прытрымаў за руку. Яна наблізілася ўсутыч, прыхінулася, абвіла маю шыю рукамі і ўзнагародзіла замест тлумачэнняў доўгім жарсным пацалункам, ад якога я ледзь не паваліўся, бо закружылася галава. Што ж я за рахіт такі: ад усяго хістае як дзьмухавец?..
Дзяўчына пацерлася пасля пацалунку сваім носікам аб мой, пацалавала яшчэ па чарзе мае вочы, сказала, што ёй сапраўды пара, але мы абавязкова неўзабаве сустрэнемся, і пайшла. Пайшла ў нікуды.
– Насця! – аклікнуў я яе.
Яна спынілася. Азірнулася з пытаннем:
– Што?
Але не знерваваным ці незадаволеным. Пытанне дзяўчыны прагучала так, нібы яна чакала, каб я аклікнуў яе. Ці мне падалося?