Читать книгу Вольны птах. Раман онлайн

Увагнутасць пад рукой уяўлялася ўвагнутасцю ў яйку. Прынамсі навобмацак. Зрэшты, па вялікім рахунку, параўнанне амаль дакладнае. Альбо більярдны шар з адбітым кавалачкам. Таксама нядрэннае параўнанне. Пра наступствы, якія пагражалі ў будучым майму здароўю, я не задумваўся. Наадварот, хацеў хутчэй выпісацца і сустрэцца з Насцяй на прасторах, як пісаў класік, жыцця. Будучыня мяне не палохала, бо мяне любілі. Я не памыліўся, калі пачуў Насціны словы пра любоў. Я чуў іх дакладна. Яны мне не прымроіліся, не пачуліся, бо хацелі пачуцца. Я іх не прыдумаў. Насця выразна прамовіла іх сваім кіношным, так, менавіта кіношным голасам, сваімі вуснамі, якімі да гэтага цалавала мяне, салодкімі і гарачымі, як гарачы шакалад. А я ўтрэскаўся ў яе з першага позірку па самыя вушы, па самыя мае вушастыя вушы, якіх саромеўся ўсю дарогу і хаваў пад доўгімі валасамі, з-за чаго паходзіў на дзяўчынку і з дзяўчынкай мяне часта блыталі, асабліва ў дзяцінстве.


Яна мне патэлефанавала. У бальніцу. На дзяжурны пост, які знаходзіўся акурат насупраць маёй палаты. А другой гадзіне ночы. Дзіўна? Яшчэ як. Неверагодна? Але факт.

Пасля адбою я хутка заснуў, ды прачнуўся а палове другой ночы. Зноў заснуць не атрымлівалася, бо ў сне я склаў верш, прысвечаны Насці, які нават паспеў назваць «Калыханка для каханай». Каб не забыць, яго неадкладна патрабавалася запісаць, бо на памяць асабліва спадзявацца не выпадала. Вось жа парадокс, я мог запомніць і памятаць ці не ўсё жыццё твары, назвы вуліц і гістарычныя даты, але ніводнага свайго верша, напісанага ўласнаручна, не памятаў. Іх, каб дзе-небудзь урачыста прачытаць з гонарам узіраючыся ў вочы слухачоў і гледачоў, а не ў паперку ў трымтлівай руцэ, даводзілася завучваць, як у школе. У падобныя моманты шчыра зайздросціў Ясеніну, які памятаў кожны напісаны ім верш.

Радкі, складзеныя ў сне, я паўтараў адзін за адным, але адчуваў: калі засну – абавязкова забуду і зранку не ўзгадаю ані літары. Верш падаваўся прыстойным і, чаго ўжо прыбядняцца, удалым, тым больш непасрэдна адрасаваным той, каму карцела яго прачытаць проста зараз.