Читать книгу Вольны птах. Раман онлайн
– Ты ж не развітваешся такім чынам?
Яна абняла мяне.
– І не мар, – выдыхнула ў твар.
Мы зноў узяліся за рукі і выйшлі на вуліцу, якая сустрэла нас амаль летнім цяплом і парнасцю як перад дажджом, хоць неба не трансліравала ніводнага воблачка, вісела над галавой гіганцкай сто разоў памытай прасцінай, нерухомай і сумнай, падобнай на бальнічныя. Даволі навязлівае сонца – рэзкі кантраст з учарашнім – увесь час наравіла прылашчыцца, бы хатняя кошка, таму давялося збегчы ад яго ў цень і сесці на лаўку пад разгалістай старой таполяй. Сонца сапраўды невыносна сляпіла вочы і, парадокс, шукала цяпла пад пахамі людзей. Так, прынамсі, здавалася мне. Магчыма, яно прадчувала хуткі наступ халадоў з сезонам дажджоў.
– Ведаеш, – прамовіла Насця як толькі мы апынуліся на лаўцы, – чаму я не прайшла міма цябе, калі ты ляжаў пад алычой, такі безабаронны, такі адзінокі, у позе эмбрыёна?..
Мне здалося, у словах дзяўчыны хаваўся якійсьці падвох. Навошта яна раптам прыгадала тое, што я намагаўся забыць?..
– Навошта ты ўзгадала гэта менавіта цяпер? – перасмыкнуў я плячыма, бо ад Насціных слоў чамусьці стала знобка.
– Табе непрыемна? – зірнула яна на мяне ўважліва і адначасова быццам праз мяне.
– Прыемнага мала, – адгукнуўся я.
– Разумею, – пагадзілася дзяўчына, – але мушу давесці сваю думку да лагічнага завяршэння, – настойліва вымавіла.
Я напружыўся ў прадчуванні чагосьці нядобрага.
– Не бойся, – заўважыла Насця мой стан, – нічога кепскага пра цябе я не скажу, наадварот. – Яна памаўчала, быццам збіралася з духам, затым загаварыла зноў, а я ўслухоўваўся ў яе голас, як пёс, якога хвалілі за нешта, але ўсё адно ён не разумеў, за што. – Мяне ўразілі твае вочы. У іх было столькі болю і пакуты, але, тым не менш, выпраменьвалі яны дабро. Ад святла ліхтара, што лілося зверху, свячэнне тваіх вачэй было настолькі насычаным і прыметным, што, здавалася, яго можна было пакратаць навобмацак. Твае вочы пахлі дабрынёй, ёю ж пахнуць і цяпер, – падсумавала яна.
– І хто з нас лепшы паэт?.. – азваўся я.
– Я не прэтэндую, – адказала Насця. – Тым больш да паэзіі не маю ніякага дачынення і не хачу мець. Павер, у большасці мужчын, у пагалоўнай большасці вочы смярдзяць, я ў гэтым больш-менш разбіраюся. Твае вочы не смярдзелі…