Читать книгу Вольны птах. Раман онлайн
З Янкам мы пазнаёміліся ў яго на радзіме, калі паэтычным дэсантам з «Першацвету» прыязджалі на выступ у школу, дзе дырэктарам быў Янкаў бацька, які, між іншым, стварыў на базе школы ўнікальны літаратурны музей, а з Паўлам у адзін з панядзелкаў напрыканцы лета. Замацавалі ж сяброўства некалькімі «Вермутамі» на канцэрце «Рок супраць СНІДу», што адбыўся напачатку верасня ў Парку Чалюскінцаў. Ну а пабраталіся ў кватэры вялікага беларускага паэта Анатоля Сыса, гасцямі якога бывалі нярэдка. Пакуль Сыс гатаваў юшку на кухні, мы ў адзіным пакоі кватэры паэта і вырашылі паклясца на крыві ў вечным братэрстве як тыя мушкецёры. У мяне з сабой якраз аказаўся нож (знайшоў неяк на вуліцы ды цягаў увесь час з сабой на нейкую трасцу, вось і прыгадзіўся), які нажом, шчыра кажучы, цяжка было назваць. Вастрыё у ім адсутнічала цалкам, абодва бакі ляза ўяўлялі ўзгоркі, 20 узгоркаў з аднаго боку, 20 з другога. Вось гэтымі ўзгоркамі мы раскалупалі свае далоні і лініі, па якіх тыя праходзілі, выпацкаліся ў крыві і змяшалі тую кроў паміж сабой дотыкамі далоняў адна да адной. Сыс, калі пабачыў, што мы нарабілі, ахрысціў нас прыдуркамі, пагнаў, як бараноў, у ванны пакой, але шчаслівейшых людзей на зямлі, напэўна, у той момант не існавала. Таму і не дзіўна, што менавіта на кніжцы Сыса «Пан Лес» Янка, даведаўшыся пра маё знаходжанне ў бальніцы, запіша нумар тэлефону нейрахірургічнага адзялення 9-й бальніцы і нумар маёй палаты пасля тэлефанавання ў даведачную, на ўнутраным баку яе задняй вокладцы.
Насця не прыходзіла трэці дзень. Я сумаваў па ёй і злаваўся на яе з не меншай сілай, чым сумаваў. Мне не хапала прысутнасці дзяўчыны як паветра, ды, тым не менш, усё ж дыхаў. Дыхаў напоўніцу, прагна і з эгаістычным пачуццём уласнай вартасці ды значнасці насуперак словам следчага пра тое, што я ніхто і зваць мяне ніяк. Памыляецеся, «грамадзянін начальнік», так звычайна звярталіся ў фільмах да супрацоўнікаў міліцыі прыніжаныя і пакрыўджаныя імі, мая асоба яшчэ як патрэбна гэтаму свету і гэтай краіне, за якую я, звычайна, паміраць не збіраюся, няхай яна лепш загіне за мяне, бо гэта я вялікі беларускі пісьменнік, няхай не цяпер, няхай у будучым, але абавязкова вялікі, калі не геніяльны. Таму называць мяне нікім недальнабачна. У якасці доказу пачытайце мае вершы. Крычаў бязгучна я ў прастору, якую замяняла столь над бальнічным ложкам у палаце, прапахлай болем, жалем да сябе ды нямытымі целамі з прысмакам затхласці, поту і начных кашмараў. Весялілі хіба што прусакі – вялікія, рудыя, нахабныя істоты, якія лічылі сябе гаспадарамі ў кожным памяшканні бальніцы. Звычайна на промысел яны выходзілі пасля адбою, калі ў палатах выключалася святло і хворыя, крэкчучы ды стогнучы, засыналі. Аднак не грэбавалі ці не баяліся і дзённага святла. Адвага іх, тым не менш, выглядала дурнаватай, асабліва калі яны статкам тапіліся ў неабачліва пакінутых адчыненымі каробках з сокам. Каробкі не закручваліся, у іх адразаліся носікі, якія, чым не затыкай, прусакі-камікадзэ ўсё адно ўмудраліся выкарыстаць у сваю карысць. Сок трэба было выпіваць альбо зараз, альбо пераліваць у посуд, які для прусакоў быў бы не па зубах. Сок, прынесены Насцяй, у якім прусакоў аказалася больш за ўласна сок, давялося выліць ва ўнітаз. Сквапнасць іх яскрава нагадвала чалавечую. А зранку, калі яшчэ цёмна і знянацку запаліць святло, можна было пабачыць на сценах цэлыя пазлы з прусакоў, якія, натуральна, пачыналі разбягацца ў розныя бакі, мітусіцца і нават падаць на падлогу з бязгучным крыкам аб паратунку ці, наадварот, незадаволенасці. Каб неяк разбавіць час і разняволіцца – мы лавілі некаторых і наладжвалі спаборніцтвы паміж прусакамі на доўгія і кароткія дыстанцыі. У падобных забаўкаў палата ўдзельнічала поўным складам. Але ўсё адно нічога не ратавала ад нуды і жарсці па Насці. Магчыма, таму, я так узрадаваўся, калі ў палату зайшлі Янка з Паўлам – роднасныя душы. Яны спачатку спачувальна пазіралі на мяне, хацелі дапамагчы, але чым і як не ведалі, і пачуваліся ніякавата, нават адчувалі віну, а за што, не разумелі самі. Я ўсміхаўся, маўляў, усё добра і добра, што вы прыйшлі… ды запрапанаваў пайсці на піва.