Читать книгу Вольны птах. Раман онлайн
– Ты яшчэ прыйдзеш? – дакрануўся я да яе далоні з замерлым сэрцам.
– Ну канешне! – супакоіла дзяўчына. – Нават не сумнявайся!
Яна паднялася з ложка, наблізілася да мяне ўсутыч, нахілілася і пацалавала ў губы, доўга і соладка.
– Гэта каб ты не сумняваўся, – патлумачыла пасля. – Лопай пакуль вітаміны. І да сустрэчы!
Насця наблізілася да дзвярэй, падміргнула, як піратка, і сышла, а ў маёй галаве адразу ж успыхнулі вогнішчам рыфмаваныя словы:
Дыягназ кахання паставіла восень
Пячаткаю вуснаў на аркушы зносін:
Дэфект спаткання на свежае ране
Адкрытага пералому кахання.
У поліэтыленавым пакунку з абліччам Курта Кабэйна па баках, прынесеным Насцяй, я выявіў гронку бананаў, пяць вялікіх насычаных чырванню яблыкаў, якіх з’есці, здавалася, тое самае, што ўчыніць злачынства, бо выглядалі яны як шэдэўры сусветнага мастацтва, і літровую каробку апельсінавага соку. З бананамі адбылася цэлая гісторыя ці, лепш, спецаперацыя. Калі б не сусед, які са свайго ложка ва ўсе вочы пазіраў на гасцінцы, што я выклаў з пакунку на тумбачку, напэўна, шляхам памылак і спроб я б неяк зладзіў з экзатычнымі фруктамі: разабраўся б пакрысе, якім чынам іх ядуць. Зразумела, я ведаў, што такое бананы, але ніколі раней блізка з імі не сутыкаўся, тым больш не каштаваў. А выглядаць ідыётам у вачах суседа, як баяры Пятроўскіх часоў, калі ён прывёз з-за мяжы ў Расію бульбу, і тыя елі яе сырую ды неачышчаную ад шалупіння, не хацелася. Я прапанаваў суседу пачаставацца і працягнуў гронку з бананамі. Ён ахвотна адламаў адзін з іх, самы вялікі, заціснуў паміж ног і здаровай рукой спрытна распячатаў плод, бы абабраў кукурузу. Усё ж ідыётам пабыць я паспеў, бо, паўтараючы за суседам, упэўнены, што ўсё раблю правільна, таксама заціснуў адзін з бананаў паміж ног. Сусед рагатаў гэдак, што ледзь паўторна не зламаў шыю пад бандажом. Спачатку я пакрыўдзіўся на яго смех, мяне нават кінула ў чырвань, як рака ў кіпені, аднак у выніку рассмяяўся таксама. Сам жа вінаваты. Лепш бы запытаў проста, язык не адняўся б.
Ён пасля пакепліваў з мяне. Распавёў пра здарэнне жонцы, якая наведвала яго штодня. Яна не смяялася, усміхалася куткамі вуснаў, з-за чаго на шчоках гарэзавалі ямачкі, азараючы яе твар незямным святлом. Здавалася, перажывала яна за мужа больш, чым ён за сябе, уздыхала цяжка, праўда, так, каб ён не пачуў. Прыносіла больш хатняй ежы, баршчы ў судках, катлеты. Што з ім потым сталася, я не ведаў. Наступным днём мяне перавялі ў агульную палату, бо загойвалася ўсё як на сабаку (малады здаровы арганізм, бла-бла-бла, ніводнага сур’ёзнага пашкоджання ўнутраных ворганаў і ўсе косткі цэлыя: біць не ўмееце, рахіты. А за дзірку ў галаве адкажаце! Памяць у мяне фатаграфічная, таму я памятаў твар кожнага), і больш яго не бачыў.