Читать книгу Вольны птах. Раман онлайн


Следчы сышоў. Я пазіраў яму ў спіну праз шкло аконнай сцяны, бы ўслед караблю, які знікаў у бязмежнай прасторы акіяну, у бязмежнай прасторы кастрычніцкай восені, што не паўторыцца ніколі і, тым не менш, абавязкова паўторыцца, бо яе нязменнасць, надыход і сыход у некім спланаваны і акрэслены тэрмін – непазбежная дадзенасць, у якой толькі мы выпадковыя пасажыры. Яна ні каліва не стане напружвацца, каб хаця б запомніць нашы імёны. Бо навошта? У адрозненне ад яе, зрэшты, як і астатніх пор года, якія заўжды ўваскрасаюць птушкамі фенікс, дэкларуючы пра неўміручасць, чалавек падобным пахваліцца не можа. Яго сыход канчатковы і абскарджанню не падлягае. Таму і напружвацца, каб некага запомніць, не мае сэнсу, праўда, восень? Цякучка жыццяў навокал для яе, напэўна, атаясамлівалася з цякучкай кадраў на якім-небудзь буйным прадпрыемстве ці на вайне.

Але жыццё працягвалася, як бы легкадумна я да яго не адносіўся б. Чаму легкадумна? У 19 гадоў, што б з табой не здарылася, у смерць як такую паверыць было цяжка, хутчэй як у гульню. Альбо ўвогуле ігнараваць яе прысутнасць бы зачмыранага задрота ў школе на «камчатцы» (у кожным класе, не сумняюся, падобныя бедалагі меліся). Натуральна, смерць не бедалага, аднак пераканаўчыя малюнкі шматлікіх мастакоў у адваротным не пакідалі ёй аніводнага шансу на паразуменне. Чаму я ўзгадаў пра яе? Напэўна, з-за жыцця, да якога яна вечна чаплялася як пабірушка. Жыццё ж усміхалася ва ўсе 32 і клікала на піва, якому я аддаваў перавагу ў кампаніі сяброў, а сябры каторы дзень нічога пра мяне не ведалі і ламалі галовы, куды я падзеўся. У кішэні скуранкі засталіся тэлефонная картка і невялікі нататнік, куды я запісваў не адно вершы, але і тэлефонныя нумары, да прыкладу, рэдакцыі часопіса «Першацвет». Менавіта праз «Першацвет» і можна было нагадаць пра сябе. Куртка знаходзілася ў гардэробнай (верхняе адзенне з астатнімі рэчамі не вярталі) для пацыентаў, куды я і накіраваўся. Пасля таго, як мне выдалі скуранку, накінуў яе на плечы, намацаў адно пачаты пачак цыгарэт і адчуў нясцерпнае жаданне курыць. Выйшаў на вуліцу, закурыў. Першая ж зацяжка ледзь не паваліла з ног, хітнула так, быццам апынуўся на борце рыбацкай шхуны ў шторм. Другая прыціснула да сцяны, бо інакш бы дакладна паваліўся. «Ты ж сяброўка мая, – звярнуўся я да цыгарэты, – што ты робіш? Не хочаш сябраваць, так і скажы». На трэцюю зацяжку ўжо рашыцца не рызыкнуў, кінуў цыгарэту ў сметніцу і вярнуўся ў фае па сценцы. Прысеў перадыхнуць. Наўродзе стала лягчэй. Тады рушыў да таксафонаў, спыніўся побач з адным і затэлефанаваў у «Першацвет». Слухаўку падняў Алесь Герасімавіч Масарэнка (галоўны рэдактар часопіса і старшыня літаб’яднання пры ім, дзе па панядзелках збіраліся маладыя айчынныя творцы, пра якіх мала хто ведаў і мала хто адносіўся сур’ёзна з-за іх, натуральна, маладосці, што, тым не менш, нікога з моладзі не бянтэжыла), каму ж яшчэ, бо менавіта ён сядзеў заўжды побач з тэлефонам. Яму я і распавёў пра месца свайго знаходжання ды папрасіў, каб пры нагодзе інфармацыя гэтая трапіла да маіх сяброў, больш за тое, братоў па крыві Янкі Лайкова і Паўла Гаспадыніча.