Читать книгу Вольны птах. Раман онлайн
– Я цябе бачу трэці раз у жыцці, як і ты мяне, на секундачку! Каб прад’яўляць мне штосьці ды яшчэ ў агрэсіўнай форме, малавата, не знаходзіш? Лепш бы ўдзячнасць праявіў, а не сапсаваў усё!..
Я адчуваў, што яшчэ крыху, і дзяўчына сыдзе, каб ужо не вярнуцца ніколі. Так, я ведаў, дзе яна жыве, аднак наўрад ці тое веданне мне дапаможа, каб яе вярнуць, калі яна проста зараз сыдзе.
Я мусіў выбачыцца перад Насцяй. Выбачыцца неадкладна. Але раптам адчуў такі дзікі пульсуючы боль у галаве, што не ведаў, куды ад яго падзецца. Здавалася, у маім чэрапе ажыў самы сапраўдны вулкан, які невядома адкуль узяўся, і штуршкамі выпіхваў лаву, гатовую вось-вось вывергнуцца праз дзірку разам з мазгамі і крывёй. Я пачаў наразаць кругі вакол дзяўчыны, ці мне гэта проста мірсцілася, бо яна нерухома стаяла ля сцяны, ахоўвала яе ад мяне і спалохана пазірала на тое, як я намагаўся садраць бінты з галавы і кулакамі загнаць лаву ў стойла, назад у вулкан, каб ён заткнуўся сваім жа вырабам, замоўк, знік, растварыўся на атамы…
Насця кінулася да мяне, абняла так, нібы хацела стаць мной, нібы хацела ўвесь той боль, што я адчуваў, пераманіць на сябе. І гладзіла па галаве.
– Цішэй, цішэй, я не хацела, – шаптала на вуха, – каб табе стала дрэнна. Прабач мяне, калі ласка!
Дзіўная справа, аднак шэпт яе, яе цяпло ўтаймавалі боль да такой ступені, што я падумаў: аглох. Цішыня ўзнікла ідэальная. Праз якую чуўся кожны стук сэрца дзяўчыны ў маю грудзіну, быццам сэрца яе прасілася ў госці да майго. Я абняў яе таксама, прыціскаў з такой моцай, склаўшы рукі ў замок на яе спіне, што яна выдыхала паветра з міжвольным стогнам. Выдыхала проста мне ў твар, заплюшчыўшы вочы.
– Прабач, – загаварыў я тады, – прабач, я не хацеў, каб табе было дрэнна ці балюча.
– Мне не дрэнна, – расплюшчыла вочы дзяўчына. – І не балюча. Дрэнна табе.
– Ужо не, – запэўніў я. – Боль збег як прусак, адно пабачыў цябе.
– Я такая страшная? – сумна ўсміхнулася Насця.
– Наадварот. Дзівосная, – запярэчыў у адказ. – А боль і дзівосы рэчы несумяшчальныя, таму боль заўсёды пасуе перад дзівам, – дадаў.