Читать книгу Вольны птах. Раман онлайн

Я закурыў. З асалодай труціў лёгкія, якія, таксама з асалодай, прымалі ў сябе атруту: не меншыя за мяне наркаманы. Нас рознілі хіба што дозы і маштабы гэтых доз. Але параўнанне жывога чалавека, як сродка задавальнення, з цыгарэтамі падавалася блюзнерствам, якое, тым не менш, пасялілася, калі не ў сэрцы, то ў галаве дакладна, праз дзірку шуснула, бы ў нару і стаілася ў шэрым рэчаве вавёркай, пухнатым хвастом змятаючы з мозгу пыл дзён і начэй, які таксама праз дзірку прасочваўся сляпіцай.

Я ўжо вяртаўся ў будынак бальніцы, затрымаўся каля дзвярэй, прапускаючы праз іх жанчыну з клункамі, якая, відаць, прыехала аднекуль з вёскі праведаць мужа, ці сына, ці дачку, калі заўважыў Янку з Паўлам Гаспадынічам. Яны шпацыравалі па тэрыторыі ўпэўненай хадой маладосці. Я кінуўся ім насустрач, на хаду ўсмоктваючы ў сябе падзяку жанчыны за прытрыманыя дзверы. Падобная ветлівасць аджывала сваё, бо ў моду ўваходзіла агрэсіўнае быдляцтва, што запаўняла сабой усе слаі грамадства з хуткасцю саранчы і знішчала прыстойнасць, а калі не атрымлівалася знішчыць, аб’яўляла слабасцю і спісвала за непатрэбнасцю ва ўтыль. Быкаванне прапаведвалася як рэлігія, невуцтва віталася бы панацэя ад усіх нягод. Моцны біў слабога і лічыўся героем. Сапраўдным героям ламалі хрыбты шакалінай зграяй і выкідалі з жыцця ў калодзежы смерці. Кінгаўская імгла сышла з-пад маіх вачэй, адпаўзла, выпаўзла з бальніцы і накінулася на горад бы шалёная. Мо таму і дождж церусіў, а не заліваўся залевай…

Мы парукаліся. Сябры з заняткаў. Перад тым, як адправіцца ў «Першацвет» на чарговае пасяджэнне літаб’яднання. Непрыгожа з майго боку, нікога не папярэдзіўшы ні з персаналу бальніцы, ні з яе пацыентаў было пайсці разам з хлопцамі, але як атрымалася, так атрымалася. Ва ўсім вінаваты дождж. Заўжды вінаваты хтосьці, а не ты сам, ці не так?

У Доме літаратара на Фрунзэ, 5, дзе на трэцім паверсе за адзінымі дзвярыма ў правым крыле знаходзілася рэдакцыя часопіса «Першацвет» і там жа праходзілі сустрэчы літаб’яднання, народу ўжо было багата, калі мы зайшлі ў тыя самыя дзверы, напята іх адчыніўшы.