Читать книгу Вольны птах. Раман онлайн

Я разглядаў сябе на старонцы з вершамі ў часопісе, доўгавалосага, усмешлівага, знятага ў фотастудыі на Маскоўскай у Доме быту. Чаго я ўсміхаўся тады? Чаму можна было ўсміхацца ў мёртвай студыі Дому быта? Я не памятаў. Хутчэй за ўсё выконваў просьбу фатографа, бо сказаў, дзеля чаго мне патрабавалася фота. Так, менавіта ён параіў мне ўсміхацца, каб спадабацца дзяўчатам, якія будуць гартаць часопіс. З усмешкай больш запамінальны твар, да таго ж выклікае давер. А я, відаць, хацеў быць сур’ёзным, ды з жаданнем маім фатограф не пагадзіўся і настояў на сваім. І меў рацыю. Вунь як дзяўчаты разглядаюць фота, а не яго арыгінал. Зрэшты, усё лагічна. Арыгінал – лысы, вушасты, у дзьмухаўцовай барадзе – не меў нічога агульнага з тым, хто ўсміхаўся з фотаздымка.

– Ну дык як? – не адставаў Патаранскі.

– Сяргей, – звярнуўся да яго Янка, – нічога, што Мікола адно з бальніцы і ў бальніцу яму вяртацца?

– Ды мы па пяць кропель усяго, – быццам не чуў яго Сяргей. – А гэта ж святая справа, – кіўнуў на часопіс у маіх руках.

– Добра, – пагадзіўся я, бо і самому захацелася адзначыць. Не кожны дзень здараліся публікацыі, то чаму і не адносіцца да іх як да свята.

Але не спяшыў.

Спачатку мы, па чарзе, прачыталі новыя вершы. Патаранскі чытаў больш і дольш за ўсіх. Ён любіў публіку, а публіка яго. Творы свае ён не чытаў, а дэкламаваў, называў іх то опус такі, то накцюрн сякі, то п’еса, то сцэна, то ўверцюра, то паланез… Карацей, намагаўся кожны верш выдаць за музычны твор, напісаны, аднак, не нотамі, а літарамі. Ці атрымалася ў яго? Яму апладавалі стоячы.

Ну а потым рушылі да «Жако», каб затарыцца некалькімі фаўстамі «Вермута», і зноў вярнуліся, але ў Дом літаратара ўжо не заходзілі, спыніліся на прыступках, што тырчалі збоку ад будынка іншародным прыдаткам, пад разгалістым дрэвам. І тут таксама чыталіся вершы, але не тыя, якімі можна б было падзяліцца на літаб’яднанні. Больш смялейшыя, больш мацнейшыя, больш такога кшталту, за якія б у 1937 годзе расстралялі без суда і следства.

Паступова літаб’яданне перабралася з трэцяга паверха Дому літаратара, бо час быў не гумовы і будынак зачыняўся да заўтра, да вулічнай лесвіцы, акупаванай намі пад высокім разгалістым дрэвам. Месца было казырнае. З аднаго боку яго хавала дрэва ад непатрэбнай увагі мінакоў, зрэшты, нецікаўных і даволі рэдкіх, бо вуліца не назаляла небу і сонцу шматлюднасцю, з другога – важкія і таксама высокія каменныя парэнчы, за якімі хаваліся і, уласна, лесвічныя прыступкі, і мы ўсе, як паселі на тых прыступках. З вуліцы нас не было відаць, адно чуваць, бо размаўялі мы гучна пад уздзеяннем «Вермута». Алесь Герасімавіч развітаўся з намі і пайшоў у бок метро, праўда, пагрозліва ці, мо, папераджальна пахітаў пальцам, маўляў, будзьце асцярожныя, хлопцы. Разам з ім сыходзілі дзяўчаты, абступіўшы паўколам яго грузную паставу. Зрэшты, не ўсе. Некаторыя далучыліся да нашай грамады. Напэўна, з-за Патаранскага. Ён быў найстарэйшым за нас і вучыўся ў Акадэміі мастацтваў на актора і рэжысёра, пра што ніколі не забываўся ўдакладняць пры знаёмстве з дзяўчатамі, намякаючы такім чынам на сваё светлае будучае ў кіно ды тэатры. Натуральна, кожная вялася. Ды ён і не маніў, да таго ж валодаў такім тэмбрам голасу, які зачароўваў з першага гуку рамантычна-узнёслыя душы маладзенькіх паэтак, якія, хутчэй за ўсё, нават марылі памыліцца, ашукацца ў ім, але пакінуць на памяць тое, што потым можна будзе выкарыстаць ва ўласнай творчасці. Ну і знешнасць меў Патаранскі артыстычную ў дадатак да творчага таленту. Ён не толькі пісаў вершы і марыў перавярнуць з ног дагары тэатральны і кінематаграфічны свет, як зрэшты, і кожны з нас, адно што іншы свет – літаратуры; ён пісаў музыку, пісаў карціны, пісаў п’есы, пісаў празаічныя творы. І з першага погляду закохваў у сябе. Таму не дзіўна, што дзяўчаты ліплі да яго, як мухі на мёд. Іншая справа, сам ён адносіўся да іх легкадумна. Дый мы, калі шчыра, таксама ў легкадумнасці мала чым адрозніваліся ад яго. Увага дзяўчат, так, акрыляла, падвышала самаацэнку, прымушала выпінаць грудзіну і хадзіць гогалем, але не больш за тое. Сур’ёзныя адносіны? Якія сур’ёзныя адносіны, калі мы такія маладыя, а дзяўчат процьма, і самых розных ды на любы густ! Мы нават да Паэзіі ставіліся як да каханкі ў большай ці меншай ступені, а не да каханай дзяўчыны, хоць па-блазенску казалі, што адданыя да канца жыцця толькі ёй і больш нікому. На філфаку, сустракаючыся перад заняткамі або пасля іх, збіраліся ў прыбіральнях і чыталі вершы там, не каб прынізіць, вядома, Паэзію, а падкрэсліць інтымнасць нашых адносін з ёй. Панядзелкі ў «Першацвеце» чакалі з нецярпеннем штотыдзень, хоць бачыліся кожны дзень на факультэце, як спаткання з жаданай дзяўчынай, асабліва ў нефармальнай абстаноўцы, пасля афіцыйнага пасяджэння, якое, зрэшты, ніякім афіцыйным пасяджэннем не было. Там мы знаёміліся, каб потым, на вуліцы, знаёмства тое ўзмацніць. Там мы дыхалі і не маглі надыхацца водарам чысціні, метафар, строф… Паэзія, здавалася, зазірала ў душу кожнага з нас там, цалавала, лашчыла і абяцала хуткую сустрэчу з сабой сам-насам неўзабаве. Мы верылі. Мы любілі. Мы ведалі, хто мы. І не сумняваліся ў сваім веданні. Алкаголь, які мы прымалі, не разбураў тое, аб чым нас палохалі. Наадварот, ён трымаў нас поруч. І мярзотны, зацугляны небам зранку дождж таксама нічога дрэннага не мог нам зрабіць.